Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Краязнаўства

17.03.2019
СЛОЎНІК Краязнаўства

Слоўнік да заняткаў па тэме “Краязнаўства”

word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

КРАЯЗНАЎСТВА – РАДЗІМАЗНАЎСТВА – РАДЗІМАЛЮБСТВА

Анатоль Бутэвіч

 Сённяшні стан беларускага краязнаўства без сумневу можна ацэньваць як станоўчае імкненне зразумець сябе ў чалавечым сусвеце і паказаць свой народ у гэтай самай чалавечай грамадзе. Выхаванне краязнаўствам ці не самае эфектыўнае, а памяць – гэта зварот не толькі да розуму, а і да пачуцця, да эмацыйнага ўспрыняцця таго, што было, і ягонае ўздзеянне на сённяшні стан грамадскай думкі наконт сваёй рэальнай гісторыі.

У нашых школах працуе каля 150 краязнаўчых музеяў. Сённяшні краязнаўца-настаўнік не абавязкова літаратар, гісторык, гэта і фізік, біёлаг, матэматык, але абавязкова чалавек, які сам любіць сваю зямлю і імкнецца перадаць гэтае пачуццё сваім выхаванцам. Сярод такіх апантаных – вядомы на ўсю Беларусь настаўнік геаграфіі і астраноміі з Паставаў Ігар Пракаповіч, які выдаў нямала сваіх уласных кніг. Адна з апошніх (2018) і вельмі карысных – “Даследчыкі роднага краю. Краязнаўчы рух на Пастаўшчыне”, у ёй сабраны звесткі пра 60 даследчыкаў Пастаўшчыны. У СШ №1 Пракаповіч арганізаваў навуковае краязнаўчае таварыства “Ювента”, вядзе краязнаўчы гурток у гімназіі. У Брэсцкім раёне такі ж апантаны краязнаўствам журналіст Аляксандр Валковіч – рэдактар і укладальнік штоквартальнага альманаха “Астрамечаўскі рукапіс”. Згадаем і журналістку з Лунінца Таццяну Канапацкую, якая адна падрыхтавала і выдала ўжо 6 новых кніг “Памяць”, прысвечаных Лунінецкаму раёну. Такой жа настойлівасцю і апантанасцю вызначаюцца і стваральнікі штомесячнага гістрыка-краязнаўчага электроннага выдання “Слонімскі край”, сярод аўтараў якога Сяргей Чыгрын.

Папулярызацыі краязнаўчай дзейнасці спрыялі б: 1. выставы краязнаўчых выданняў – ад газет да кніг і вучэбных дапаможнікаў; 2 дзейнасць “Краязнаўчай газеты” і іншых папулярных выданняў; 3. архіўныя зборы і архіўныя работнікі; 4. бібліятэкі і мясцовыя музеі; 5. конкурсы краязнаўчых прац школьнікаў; 6. прызнанне грамадска-культурнага значэння краязнаўства; 7. аднаўленне гістарычнай памяці мясціны, чалавека, сям’і, роду і народа наогул; 8. родазнаўства; 9. дакументальныя і рэчыўныя памяткі і помнікі, якія захоўваюцца ў сем’ях, а пасля смерці іхніх зберагальнікаў незваротна знікаюць.

Асобна хацелася б адзначыць працу “Краязнаўчай газеты”, заснаваную Беларускім фондам культуры. Яна штотыднёва выходзіць за ўласныя сродкі ўжо 15 гадоў. “КГ” адлюстроўвае праблемы беларускай гісторыі, культуры, дзейнасці музеяў, бібліятэк, навучальных устаноў, краязнаўцаў па вывучэннігісторыі сваёй малой радзімы, выяўленні і ахове помнікаў. Сёлета Беларускі фонд культуры мае намер звярнуць больш увагі на краязнаўчую дзейнасць. У красавіку 2019 года Міністэрства інфармацыі, Нацыянальны гістарычны музей, Беларускі фонд культуры маюць намер правесці на базе музея І Рэспубліканскі краязнаўчы форум.

Усё больш папулярным робіцца агратурызм. Значыць, адначасова з гэтым павінен развівацца і гістарычны ландшафт, зрэшты, як і проста ландшафт, тое прыроднае асяроддзе, якое таксама з’яўляецца аб’ектам краязнаўчага інтарэсу. Месцы былых сядзібаў, святыя і гістарычныя камяні на ўзлеску ці на полі, крынічка альбо дуб, дзе некалі было капішча, ставок, возера, іншы прыродны знак ці сімвал, з якім звязана некае вядомае прозвішча ці проста легенда, казка, песня, – чым не прадмет цікавасці краязнаўцаў?

Заахвочванне краязнаўцаў. Сёння паўсюль становіцца традыцыяй адзначаць лепшых людзей у сваіх сферах, напрамках дзейнасці, шмат дзе выдаюцца стыпендыі, прэміі гарадоў, абласцей і г.д. Уяўляецца цалкам апраўданым і справядлівым, каб сярод тых, каго на месцах адзначаюць гэткім чынам, былі і прадстаўнікі самага неабыякавага да роднай зямлі племені – краязнаўцы.

Варта паскорыць выданне энцыклапедыі ці слоўніка беларускіх краязнаўцаў, якія свядома ці не, а спавядаюць словы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча:

Што мне пекны Парыж, Рым прыгожы і слынны,

Што швейцарскія горы, старыя Афіны.

Што мне Вена, што мне Лондан туманны…

Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы.