Адметнасць беларускай мовы выяўляецца не толькі ў яе лексіцы, фанетыцы, марфалогіі, словаўтварэнні, але таксама ў сінтаксісе – іншымі словамі, у будове фразы.
Калькаванне моўных канструкцый – гэта глыбінная асіміляцыя мовы. К. Чорны ў свой час назваў яе злачынствам, а Цвірка – моўным шашалем. Мы б зараз сказалі, што гэта праява трасянкі.
Напрыклад, абвестка:
Арганізацыя прадае тавары па цэнах, ніжэй рыначных.
Па-беларуску можна і трэба сказаць значна прасцей:
– Арганізацыя прадае тавары танней, чым на рынку
або
– за больш нізкі, чым на рынку, кошт.
Яшчэ адзін прыклад: Павялічыць з 1 красавіка прадаўжальнасць часткова аплачваемага водпуску па догляду за дзіцём да дасягнення ім трох гадоў.
Тут мы бачым абсалютна штучныя ўтварэнні для беларускай мовы:
– прадаўжальнасць аплачваемага адпачынку
– па догляду за дзіцём
Можна папросту напісаць так:
Павялічыць з 1 красавіка працягласць часткова аплатнага адпачынку для догляду дзіцяці да трох гадоў.
Такіх прыкладаў шмат, але спынімся толькі на самых пашыраных:
Канструкцыі назоўніка ў давальным склоне з прыназоўнікам ЗА
Гэта не беларуская, а руская сінтаксічная канструкцыя. Напрыклад, у“Беларуска-рускім слоўніку” Некрашэвіча і Байкова (1926) мы бачым натуральную беларускую канструкцыю: ПА + назоўнік меснага склону (па чым, па кім, па ім мы атрымаем спадчыну). Але падчас рэалізацыі бальшавісцкай ідэі зліцця нацыяў, іх культуры і мовы ў адзіную савецкую нацыю, культуру і мову (30-80-ыя гг.) штучна насаджалася руская канструкцыя з давальным склонам: напр., гаварыць па тэлефону.
Дайшло да поўнага абсурду, калі ў множным ліку выкарыстоўвалася натуральная канструкцыя з месным склонам (атрымаць па заслугах), а ў адзіночным ліку – чужая канструкцыя з давальным склонам (па свайму жаданню). Да таго ж, канструкцыі з прыназоўнікам ПА не маюць такога пашырэння ў беларускай мове, як у рускай.
Канструкцыі назоўніка ў творным склоне са значэннем руху з прыназоўнікам ЗА
Чаму б не замяніць абсалютна нетыповую для беларускай мовы канструкцыю “Паездка ў Польшчу за набыццём тавараў” канструкцыяй “…для набыцця тавараў” або сказаць проста: “Паехалі па тавар” ці “Паехалі набыць тавар”.
Або, напрыклад, такі выраз: “Хлопчык пабег па бацьку”. Бо калі мы скажам за бацькам, значыць, ён даганяе бацьку.
Канструкцыі назоўніка ў родным склоне з прыназоўнікам У пры абазначэнні адлегласці
Канструкцыю “ў дваццаці кіламетрах ад горада”, якая сфармавалася пад уплывам рускай мовы, варта замяніць на ўласна беларускую “за дваццаць кіламетраў ад горада”. Тое ж тычыцца і канструкцыі “атрад у дваццаць чалавек”, замест якой трэба ўжываць “атрад з дваццаці чалавек”.
Канструкцыі вышэйшай формы параўнання з назоўнікамі роднага склону без прыназоўніка
Трэба казаць: большы за гару; горшы за свайго/ горшы, чым свой замест: большы гары, горш свайго.
Смешна выглядае і калькаванне рускага выраза “зарабатывать на стороне”: “80 працэнтаў студэнтаў вымушаны падрабляць на баку нават у разгар экзаменацыйнай сесіі”. Па-беларуску можна атрымліваць заробак збоку, але толькі не на баку, а таксама на спіне, на каленях, на нагах і г.д. Таму беларуская калька натуральнай рускай канструкцыі ‘на стороне’ – моўная недарэчнасць.
Такая ж недарэчнасць – беларуская калька “мы за цаной не пастаім”. Можна пастаяць за дрэвам, за сцяной, а не за цаной. Па-беларуску лепей сказаць: Цана мяне не палохае! Цана для мяне – не праблема/ не перашкода.
Пры падрыхтоўцы заняткаў былі выкарыстаны матэрыялы з кнігі “Культура мовы” Паўла Сцяцка.
Заданне
УВАГА! Каб пабачыць слушныя варыянты адказаў, вылучыце поле справа курсорам.
Перакласці:
Женщинам по секрету –жанчынам пад сакрэтам
Писать по адресу – пісаць на адрас
Ходить по грибы и по ягоды – хадзіць у грыбы і ў ягады
Жить у самого моря – жыць каля самага мора
Стоять у микрофона – стаяць пры мікрафоне
По моему мнению – на маю думку
Выше моего понимания – вышэй за маё разуменне, непадуладна майму разуменню, гэтага я не разумею
Читать про себя – чытаць самому сабе
Заболеть корью – захварэць на адзёр
Выбрать по своему вкусу – выбраць на свой густ
Подобрать по своему росту – падабраць пад свой рост
Благодарить кого – дзякаваць каму
Простить кого – прабачыць каму
Смеяться над кем – смяяцца з каго
Издеваться/ подтрунивать над кем – здзеквацца/ кпіць з каго
По направлению к реке – у напрамку да ракі
Большой по размеру – вялікі памерам
Идти по лесу – ісці лесам
По закону – у адпаведнасці з законам, паводле закону
По моему зову – на мой заклік
По праздникам – у святы
Стрелять по бандитам – страляць у бандытаў
Создан по образцу – створаны на ўзор
Пойти в магазин за молоком – пайсці ў краму па малако
Из-за тебя – праз цябе
Жить по соседству – жыць у суседстве
Удивляться чему – здзіўляцца з чаго
Сказать во весь голос – сказаць на поўны голас
Жениться на ком – (а)жаніцца з кім
К праздничному столу – на святочны стол
Работа над ошибками – выпраўленне памылак
Задание на дом – заданне дадому
Заведующий кафедрой – загадчык кафедры
Два раза в неделю – два разы на тыдзень
Он старше брата – ён старэйшы за брата (старэйшы, чым брат)
В пяти метрах от дома – за пяць метраў ад хаты
Грустить по своему дому – сумаваць па сваім доме
В Америку за счастьем – у Амерыку па шчасце
Охотиться за волками – паляваць на ваўкоў