Пра курсы
ГАРАДЫ :


25.03.2018
«Бог, Надзея, Радасць — БНР!» Як віншавалі з Днём Волі Быкаў і Барадулін

Спецыяльна для “Мовы Нанова” падборку падрыхтаваў Сяргей ШАПРАН.

Ліст Васіля Быкава Рыгору Барадуліну і Анатолю Грыцкевічу:

[25 сакавіка 2002 г.]

Рыгору Барадуліну […] сп. Анатолю Грыцкевічу

Сардэчна вітаю ўсіх, хто адзначае  Д з е н ь  В о л і — найперш на занядбанай Радзіме, а таксама ва ўсім сьвеце.

Пакуль будзем памятаць 25 сакавіка, датуль будзе жыць наша надзея на  в о л ю!

Ж ы в е  Б е л а р у с ь!

Васіль Быкаў

Untitled-5

Травень 2003 г. Адна з апошніх сустрэч. Фота Сяргея Шапрана

 

Ліст Рыгора Барадуліна да Васіля Быкава:

Родны Васілю!

З Днём Волі!

Са Зьвеставаньнем!

Недзе ў Бычках і на Верасовачцы буслы ўжо чакаюць нас.

Апошнімі днямі думаў над фатальным значэньнем словаў, асабліва абрэвіятураў.

КГБ — гібель, КДБ — дыба. Бо ў словах сэнс нясуць зычныя, галосныя — злучнікі. […]

 

Быков и Барадулин

Фота Уладзіміра Кармілкіна

 

067

 

Мінск, 1993 г. Падчас святкавання 75-й гадавіны БНР. Фота Уладзіміра Кармілкіна

img_0429

ЛІСТ ПЯЦЬДЗЯСЯТ ДРУГІ

зь Менску

 

Акалее злыднеўскі ашчэр.

Маладзець ня стомяцца ніколі

Слоў сузор’і

На нябёсах волі:

Бог,

Надзея,

Радасьць — БНР!

 

25 сакавіка, 2002

Рыгор Барадулін

 

36

 

Прамова Васіля Быкава падчас урачыстай акадэміі ў Люстранай зале будынка старажытнага Клементынума (менавіта тут у 1923 годзе заснавальнікі Беларускай Народнай Рэспублікі, якія апынуліся ў эміграцыі, адзначалі 5-годдзе ўтварэння БНР):

 

Дарагія беларусы, шаноўныя нашы госьці! 85 гадоў таму ў слотны й шэры дзянёк на зачыне вясны беларусы зьдзейсьнілі цуд. Не, яны не панішчылі ворагаў, ня вызвалілі краіны, не дамагліся свабоды, але яны запалілі кволую сьвечку надзеі. Пры яе сьціплым сьвятле яны, як маглі, і змагаліся з бальшавіцкай навалай, з фашыстоўскай акупацыяй, з роспаччу і паняверкай, што за стагодзьдзі ўкаранілася ў гаротным народзе. Мы ўсьцешаныя, што гэтая сьвечачка гарыць і дасюль, і хоць яе зыркі агеньчык слаба сьвеціць, часам капціць і ня грэе, але ён дае спадзеў шмат якім пакаленьням беларусаў на сьвятло і цяпло, на свой дом і сваю сям’ю — тое, без чаго ў гэтым драпежным сьвеце нікому няма і ня будзе жыцьця. Дый няхай яна гарыць, нашая кволая спадзяванка, якую мы песьцім і тулім, ашчаджаем і беражэм, як найлепшыя зь беларусаў яе бераглі да нас з думкай: а раптам яна ўспыхне сонечным зьзяньнем, калі надарыцца спрыяльны для таго час. Бо калі ня будзе таго, хай сабе слабога агеньчыку, ня ўспыхне нічога. І для нас настане вечная ноч. Але мы ня хочам вечнай ночы, мы — божае стварэньне, людзі, і мы маем права на боскую долю. Памажы нам, Гасподзь! Жыве Беларусь!

 

Прага, 23 сакавіка 2003 года

Klimencinum

Падчас выступу з нагоды 85-й гадавіны БНР. На фота: Галіна Прыгара, Васіль Быкаў, Івонка Сурвіла. Прага, 23 сакавіка 2003 г. Фота Сяргея Навумчыка

 

Лісты і выступ Васіля Быкава цытуюцца паводле: Дажыць да зялёнай травы…: ліставанне і аўтографы Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна (1960–2003). — Львів: ВолЯ, 2008. С. 208–209; Быкаў на Свабодзе. Выд. 2-е. — [Без м.] Радыё «Свабодная Эўропа» / Радыё «Свабода», 2005. С. 329–330.

 

Рыгор Барадулін.

25 сакавіка

Дваццаць пятага сакавіка —
Годны дзень
Беларускай дзяржавы.
Веснаплынных вятроў талака
Пыл з кароны атрэсла іржавы.
Шматавалі нас досыць арлы
І з адной, і з дзвюма галавамі.
Мы не зь нейкай бязроднай імглы,
Нас вякі як сваіх
Гадавалі.
Мы — ратаі святла,
Крывічы,
Верхачы неўміруючай Пагоні.
Маладзік сакалом на плячы,
Гартны меч у цьвярдое далоні.
Лучыць нашыя мары рака
Бел-чырвона-белага сьцяга.
Дваццаць пятага сакавіка —
Наша сьвята,
Пароль
І прысяга!

автоматический полив участка

ссылка magazinpoliva.kiev.ua

220km.com