Пра курсы
ГАРАДЫ :


17.10.2017
Re1ikt зняў кліп аб прывідах беларускай літаратуры

Мінскі world rock-гурт Re1ikt прэзентуе музычнае відэа «Пра чорныя вочы».

Кліп зняты да кампазіцыі, складзенай паводле апавядання рэпрэсаванага ў 1937 годзе беларускага пісьменніка Міхася Зарэцкага ў рамках мастацкага праекта інтэрнэт-партала TuzinFM «(Не)расстраляная паэзія».

У кадры можна пабачыць унікальныя архіўныя дакументы: старыя фатаграфіі, выявы кніжных вокладак, даведку аб рэабілітацыі…

«Мы не хацелі рабіць нейкую пастаноўку, здымаць рамантычную гісторыю, а вырашылі прадэманстраваць сведчанні жыцця пісьменнікаў, выкрэсленых з памяці людзей: што выдаваліся кнігі, што людзі захапляліся гэтай літаратурай», — кажа лідар гурта Re1ikt барабаншчык Аляксандр Дземідзенка.

Доўгі час Міхась Зарэцкі — аўтар шэрагу псіхалягічных апавяданьняў, п’ес, аповесці «Голы звер», раманаў «Сцежкі-дарожкі» і «Вязьмо» — заставаўся сапраўдным літаратурным прывідам. Многія рукапісы Зарэцкага загінулі, у прыватнасці, гістарычная драма «Рагнеда» і працяг рамана «Крывічы». З гэтай прычыны музыкам нават прыйшлося звяртацца ў архіў, каб знайсці хоць бы нейкія матэрыялы. Між тым, у 20-я гады мінулага стагоддзя Зарэцкі быў літаратурнай зоркай: яго творы карысталіся вялікім попытам, а вострыя выступы ў прэсе жыва абмяркоўваліся.

Канцэртная прэзэнтацыя праекта «(Не)расстраляная паэзія», у якім разам з Re1ikt паўдзельнічалі гурты Vuraj, TonqiXod, Dzieciuki, Akute, Naka, а таксама Vinsent, Кацярына Ваданосава, Зміцер Вайцюшкевіч, Павел Аракелян, Лявон Вольскі, адбудзецца ў сталічным клубе «Бруге» 29 кастрычніка.

Re1ikt – гурт, які працуе ў напрамку world music, cпалучаючы традыцыйны беларускі песенны фальклор з актуальнымі рок-напрамкамі. У кампазіцыях каманды знітаваліся палескі шаманізм, аўтэнтычны драйв і таямнічы беларускі космас. Калектыў з’яўляецца ўладальнікам шэрагу музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, Літве, Расіі.