Пра курсы
ГАРАДЫ :


25.08.2018
Распачатая падпіска на ўнікальную дзіцячую кнігу Ларысы Геніюш

52 вершы не друкаваліся раней, астатнія ўпершыню друкуюцца без цэнзуры — як і аўтарскія малюнкі паэткі.

ПАДПІСАЦЦА МОЖНА ТУТ: 

Ідэя выдаць такую кнігу прыйшла ў размове з Міхасём Геніюшам — унукам паэткі, які жыве ў Беластоку. Менавіта Міхасю Ларыса Антонаўна прысвяціла кнігу “Казкі для Міхаські”, якая выйшла ў 1972 годзе.

Міхась паказаў лісты ад бабулі. І тут чакала сенсацыя — кожны ліст быў багата аздоблены аўтарскімі малюнкамі паэткі. З аркушаў на нас глядзяць зайчыкі, вавёрачкі, сабачкі, мядзведзікі… ДЗЯСЯТКІ МАЛЮНКАЎ ЛАРЫСЫ ГЕНІЮШ УПЕРШЫНЮ ЎБАЧАЦЬ СВЕТ У ГЭТАЙ КНІЗЕ.

2449ab7f691a815191a0ca90211f

У лістах было багата вершаў, якія паэтка дасылала ўнукам — Міхасю і Алесю. Нават хуткае параўнанне іх з кніжнымі варыянтамі дало зразумець: па вершах прайшліся цэнзарска-рэдактарскім бульдозерам. Некаторыя змененыя да непазнавальнасці, некаторыя скарочаныя ў 2-3 разы. Але большасць так і не была апублікаваная.

9e37acc8a2f1a95e3cddab89769f

У выніку і склалася кніга “Лісты ўнукам”. Яна будзе складацца з наступных частак.

1. Прадмова Міхася Геніюша

2. Прадмова ўкладальніка
3. Ненадрукаванае (53 новыя вершы)
4. “Казкі для Міхаські” (кніжныя варыянты + аўтарскія варыянты)
5. “Добрай раніцы, Алесь!”  (кніжныя варыянты + аўтарскія варыянты)
6. “Ластаўка”  (кніжныя варыянты + аўтарскія варыянты)
7. Лісты ўнукам З АЎТАРСКІМІ МАЛЮНКАМІ ЛАРЫСЫ ГЕНІЮШ і лісты ўнукаў
8. Паслямова Дануты Бічэль
9. Здымкі, некаторыя з якіх будуць надрукаваныя ўпершыню
20fb38851886918951b4b6a1420d

Непублікаваныя раней вершы захоўваюцца ў сям’і Геніюшаў, а таксама ў фондзе Ларысы Геніюш бібліятэкі Акадэміі навук Беларусі.

Кніга будзе мець цвёрдую вокладку, каляровы друк.

4f6b7919590ea8ffad13fb88edbb

Кніга ўнікальная па некалькіх прычынах

1. Гэта будзе самы поўны збор дзіцячых вершаў Ларысы Геніюш

2. Упершыню друкуюцца яе малюнкі

3. Упершыню друкуюцца яе прыватныя лісты ўнукам. Гэтыя лісты — узор таго, як трэба выхоўваць дзяцей беларусамі. Таксама будуць надрукаваныя лісты і паштоўкі, якія ўнукі слалі ў адказ.

4. Упершыню будуць надрукаваныя 53 вершы, якія не друкаваліся раней.

5. Упершыню з раней публікаваныях вершаў будзе знятая ўся цэнзура і рэдактура, яны пабачаць свет у аўтарскім варыянце.

Два прыклады.

1. Прыклад таго, як рэдагавалі вершы паэткі.

Птушкі
(Аўтарскі варыянт з ліста да ўнука Міхася ад 16.12.1963)

На дварэ мароз суровы,
На дварэ сняжок кругом.
Чаго ж птушачкі ізноў вы
Прыляцелі пад наш дом?
“Мы не маем свае хаткі,
Ціў, ціў, ціў.
Мы шукаемо зярняткаў,
Ціў, ціў, ціў”.
Дык ляціце, мае птушкі,
Да Міхаські на балкон.
Есць там крышачкі ў кармушцы,
І зярняткаў дасьць вам ён.
Там пад’ешце, пагасціце
І вяртайцеся дамоў,
А Міхасіку скажыце:
“Мілы хлопчык,
Будзь здароў!”
Паляцелі птушаняткі,
Ціў, ціў, ціў.
Да Міхаські на зярняткі,
Ціў, ціў, ціў…

Птушкі і Міхаська
(Кніжны варыянт)

На дварэ суровы студзень
Снег мяце.
Птушкі ранкам вас
Разбудзяць
Ў цемнаце:
— Мы не маем сваіх хатак,
Ціў-ціў-ціў.
Мы шукаем тут зярнятак,
Ціў-ціў-ціў.

Дык ляціце да Міхаські
На балкон.
Канапелек і зярнятак
Дасць вам ён.

2. Другі прыклад. Верш, які ніколі раней не друкаваўся (зразумела, чаму).

Гутарка

У печы паленцы сатлелі.
Тут цёпла. А там, у бары,
Бярозы ў кашульках белых,
Іх не шкадуюць вятры.

І шэпча Валерык на вушка:
— Мама, замерзне і воўк?
— Ваўкі у багатых кажушках.
Такія не мерзнуць, сынок.

Нават дзіцячыя вершы Ларысы Геніюш былі напоўненыя празрыстымі алегорыямі і вобразамі, якія вельмі часта нагадвалі пра рэчаіснасць.

Пасля выхаду кнігі на прэзентацыю ў Менск абяцае прыехаць сам Міхась Геніюш.

Дык падпісвайцеся!

ПАДПІСАЦЦА МОЖНА ТУТ: