Пра курсы
ГАРАДЫ :


08.11.2017
“Калі размаўляў з жонкай па-беларуску, адчуваў з яе боку непавагу і агіду”

Пасля публікацыі матэрыяла “Шэсць крокаў да беларусізацыі жонкі (мужа)” мы атрымалі цікавы ліст чытача.

Друкуем яго цалкам, не даючы толькі імя (па просьбе аўтара). Аўтарскі правапіс захаваны.

 

Добры дзень!

Прачытаў Ваш матэрыял “Як беларусізаваць мужа ці жонку — шэсць крокаў”.
У мяне падобная сытуацыя. Але з ускладняючым фактарам, так бы мовіць:) Бо мая другая палавінка — этнічная расейка. Дзяцей пакуль няма, таму з гэтага пункту гледжаньня ня маю чым падзяліцца. Але ўвогуле складанасьць палягае ў тым, што з боку жонкі адчуваецца перадузятае стаўленьне да беларускай мовы, часам нават непавага ды агіда. Напрыклад, калі я кажу перад сном “Дабранач” замест “Спокойной ночи”, то адчуваю ўсхваляванасьць. “Смачна есьці”, “калі ласка” ці “дзякуй” таксама фактычна пад забаронай, не кажучы ўжо пра большае. А мне вельмі хочацца, каб дома часьцей гучала беларуская мова.
Адзінае, дзе я бачу прыхільнасьць да беларускай мовы — гэта тэатар. І то таму, што ў нашым горадзе няма расейскамоўнага тэатру (апроч выпадкаў, калі гастралююць калектывы зь іншых гарадоў або з Расеі, але я сьвядома не афішую такія пэрыяды).
Канешне, у нас здараліся сваркі на глебе моўнага пытаньня — больш з прычыны непаважлівых выказваньняў да беларускай мовы, бо я патрабаваў элемэнтарнай павагі, толькі і ўсяго. Тут трэба сказаць, што сварыцца ўсё ж ня варта.
Шмат залежыць ад характару мужа ці жонкі. У маім выпадку я бачу гатовасьць саступаць. І я ня ведаю, што менавіта падзейнічала — ці то ранейшыя скандалы, ці то тэатральныя перавагі — але апошнім часам я стаў адчуваць паважлівае стаўленьне да мовы, цікавасьць да асобных словаў (“а як па-беларуску будзе гэта ці тое”) ды нават шкадаваньне, што мова слаба пашырана ў грамадзкіх месцах.
Спрабуючы разабрацца ў прычынах, я вылучыў некалькі фактараў:
1 — імпэрскі комплекс расейцаў (то бок спосаб мысьленьня, пры якім адзіным “нармальным языком” лічыцца расейская мова, а астатнія, асабліва з былога СССР, прыніжаюцца. Ангельская, напрыклад, паважаецца. Мы нават яе вывучаем разам);
2 — успрыманьне беларускай мовы як штучнай, на якой ня могуць будавацца звычайныя зносіны;
3 — адсутнасьць уяўленьня пра тое, што Беларусь можа стаць цалкам беларускамоўнай (як, напрыклад, было напачатку 90-х. Той пэрыяд я памятаю добра, але для людзей, народжаных пасьля рэфэрэндуму 1995 г., гэта амаль фантастыка);
4 — адсутнасьць ведаў пра багатую беларускую культуру і гісторыю (пашырэньне ведаў спрыяе больш прыхільнаму стаўленьню да мовы);
5 — дзяржаўная палітыка, накіраваная на дэмастратыўнае прыніжэньне ўсяго беларускага (пачынаючы ўласна ад мовы і аж да назвы грошай — “рублі” замест “талераў”).
Таксама магу сфармуляваць некалькі парадаў што да сытуацыі, падобнай на маю:
1) не сварыся, не падвышай голасу ды не абражай апанэнта (бо ў наступнай сварцы гэта будзе выкарыстана супраць цябе);
2) калі чуеш абразьлівыя выказваньні пра мову, выкажы ўласныя пачуцьці, ветліва дай зразумець, што табе непрыемна чуць такое;
3) расказвай цікавосткі пра выпадкі зь беларускай гісторыі;
4) паступова “мацай” прастору — уводзь ува ўжытак беларускія словы патроху ды ўважліва сачы за рэакцыяй;
5) тлумач прыроду рэчаў — напрыклад, чаму мова не ўжываецца цяпер шырока; чаму дзяржава супраць пашырэньня яе ўжытку; як было раней;
6) слухай беларускую музыку, чытай кнігі па-беларуску, дай зразумець, што табе падабаецца кіно ў беларускамоўнай агучцы — акрэсьлі прастору для будучага манэўру.
Пакуль што далей мы не прасунуліся:) Таму парады досыць абмежаваныя. Але што ёсьць, тое ёсьць.
Дзякуй Вам за ўзьнятую праблему! Спадзяюся, мая зваротная сувязь будзе Вам карыснай.
Шаноўныя чытачы! Калі вам ёсць, што сказаць, або вы можаце апісаць свой падобны досвед (можна ананімна) — лістуйце на se[email protected]!”