Пра курсы
ГАРАДЫ :


24.02.2018
«…Быў на паслугах у матчынай мовы». 15 выказванняў Рыгора Барадуліна пра беларускую мову

Сёння — дзень народзінаў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. А тры дні таму быў Міжнародны дзень роднай мовы. Сімвалічна, што гэтыя даты ідуць поруч, бо для многіх “Барадулін” і “беларуская мова” — сінонімы. У дзень народзінаў класіка слынны літаратуразнаўца Сяргей Шапран зрабіў для “Мовы Нанова” падборку выказванняў Барадуліна пра родную мову.

 

 

Калі хто атрымлівае якую ўзнагароду, зазвычайна гаворыць: «Гэта ўзнагарода не мне, а ў маёй асобе…»

Я хачу паўтарыць шчыра такую ж фразу. Калі што-небудзь і зраблю, дык гэта дзякуючы роднай мове, матчынай песні, дзякуючы той, ад каго з калыскі чуў непераўзыдзеныя па сваёй ранішняй чысціні, да скону дарагія сэрцу напевы, — маме Акуліне Андрэеўне.

Толькі родная мова можа даць крылы для творчага ўзлёту.

Дзякуй роднаму беларускаму слову. Яно дало мне адчуць радасць сказаць нешта сваё. Няхай нешта сваё — дзіцячае лапатанне, але яно было і будзе заўсёды шчырым. Нельга тымі словамі, якія пачуў ты ўпершыню ад маці, хлусіць Айчыне, Народу.

b1

* * *

Яшчэ ў Бібліі сказана: «Напачатку было слова». Я сябе адчуваў і адчуваю чаляднікам у беларускай паэзіі. Без мовы я — нішто. Без мовы я і ў краму не магу пайсці, не гаворачы ўжо — пісаць. Мова — гэта і паветра, і бярвенне ці цэгла, з якой будуецца хата ці палац паэзіі. Няма мовы — няма паэта. Я ўсё жыццё абапіраўся на беларускую мову, на яе вушацкі варыянт, таму што ён для мяне самы блізкі, ён нейкі некрануты, першародны па чысціні сваёй. Мова — гэта мая апора.

* * *

Мая мама была самым вялікім філолагам. Ва ўсялякім разе, для мяне. Дзякуючы маме і беларускай мове я нешта напісаў і, можа, яшчэ нешта напішу. Канешне, можна пісаць і на вывучанай мове, але гэта будзе ўжо сурагат. На вывучанай мове можна пісаць дэтэктывы, эротыку, а глыбінную паэзію, глыбінную прозу трэба пісаць толькі на роднай мове, матчынай.

* * *

Мова тады родная, калі яна пачута ад маці, калі кожнае слова сагрэта сэрцам матчыным, калі кожны гук матчынай мовы з-пад матулінага сэрца.

* * *

Калі сказаць чэсна, дык я — чорнарабочы беларускай мовы, беларускага духу. Я ўсё раблю дзеля таго, каб надалей працягнуць існаванне беларускай мовы, каб беларусы ўспомнілі сваю мову, каб адчулі яе. Яна ж зусім знівеліравана, асабліва ў слоўніках Крапівы, дзе яна поўнасцю русіфікавана. Дык вось хачу, каб беларусы ўспомнілі свае карані, сваю мову…

* * *

Усё-ткі я ўсё жыццё жыў і жыву словам, а не са слова. Беларускае слова для мяне — абсалютна ўсё: я ім дыхаю, я ім бачу, я ім гавару, я ім жыву, я ім хаджу. Я не ўяўляю сябе без беларускага слова. Адабраць яго ад мяне — я буду нямы, глухі і нерухомы. Я буду мёртвы.

* * *

Нацыянальная ідэя — гэта свабоднае развіццё беларускай нацыі на падставе сваіх нацыянальных асаблівасцяў, беларускага менталітэту і, безумоўна, беларускай мовы, таму што без мовы не можа быць нацыі.

b2

* * *

У нас, безумоўна, самае галоўнае пытанне — захаванне беларускасці, што значыць — захаванне беларускага духу, беларускай мовы.

* * *

Адметная асаблівасць беларускай літаратуры заключаецца ў тым, што літаратура асацыіруецца ў нас з мовай: калі літаратура падтрымлівае мову, дык і мова падтрымлівае літаратуру. Зрэшты, гэта падтрымка двух жабракоў.

* * *

Мне не дае спакою вынішчэнне ўсяго беларускага, якое адбываецца проста на маіх вачах… Я не магу гэта перажыць, не магу… Невыпадкова я калісьці напісаў: «Хаця б памерці давялося У беларускай Беларусі…» Я ўсё-ткі гаспадар гэтай зямлі, я сын гэтай зямлі, але адчуваю сябе тут абарыгенам… Мне вельмі даспадобы гэты геніяльны ясенінскі радок: «В своей стране я словно иностранец», — памятаеце? Я пераклаў яго: «Я ў родным краі, як іншакраінец…»

* * *

Нельга так пра сябе гаварыць, але я занадта беларус. Нават занадта. Па сваім светаўспрыманні я сябе не беларусам не ўяўляю. Іначай я быў бы загінулым чалавекам. Я не ўяўляю сябе за межамі Беларусі і за межамі беларускай мовы, культуры. Інакш мяне проста не было б. І калі ёсць ува мне што добрае, дык гэта ў тым ліку дзякуючы беларускасці.

* * *

Бог усё-ткі любіць Беларусь, таму што ў самыя крытычныя моманты, калі здавалася, што ўсё знікае, Ён пасылае такіх вось асобаў. Калі б не было такіх постацяў, як Купала, Багдановіч, Караткевіч і як Быкаў, безумоўна, ужо не было б ні беларускай мовы, ні самой нацыі.

b3

* * *

Бог выпрабоўвае нас на выжыванне, на выжыванне нашай мовы, і Бог усё-ткі нас любіць, таму што не дае канчаткова знішчыць нас. І ўсе спадзяванні, што Бог гляне на нас больш ласкавым вокам.

* * *

Безумоўна, калі вернецца павага да мовы, дык вернецца і мова, як гаспадыня за стол духоўнасці.

* * *

Нябыт абыякава ўсё праглыне.

Я цешыцца

Марнай надзеяй гатовы,

Што нехта захоча

Сказаць пра мяне:

Ён быў на паслугах

У матчынай мовы.

 

Падрыхтаваў Сяргей Шапран

Фота Глеба Лабадзенкі

 

http://gefest-sv.kiev.ua/

читать дальше

tokyozakka.com.ua