Пра курсы
ГАРАДЫ :


28.12.2017
8 студзеня — прэзентацыя кнігі “Беларускі гістарычны анекдот” на курсах “Мова Нанова”!

З ласкавай згоды аўтара Сяргея Шапрана “Мова Нанова” друкуе святочную  падборку беларускіх гістарычных анекдотаў з будучай кнігі!

Як мы пісалі раней, гэтая кніга — плён 15-гадовай працы слыннага літатаруразнаўцы і журналіста Сяргея Шапрана. Пад вясёлай вокладкай, упрыгожанай шаржамі Кастуся Куксо, сабраныя 500 рэальных і паўрэальных гісторый больш чым пра 100 асобаў найноўшай беларускай гісторыі. З іх вядомыя людзі паўстаюць не “бронзавымі бюстамі”, а жывымі, цікавымі і почасту вясёлымі людзьмі.

Кніга будзе прэзентаваная на курсах “Мова Нанова” ў Менску 8 студзеня 2018 года ў “Грай кафэ” (Інтэрнацыянальная, 33), уваход вольны. Пачатак курсаў а 18:30.

Каб атрымаць кнігу на гэтай прэзентацыі, варта ўжо цяпер падпісацца на яе па гэтай спасылцы (кошт 10 рублёў): 

Тым часам, з ласкавай згоды аўтара друкуем святочную падборку анекдотаў з будучай кнігі.

anek-kv

 

«Мы, арыстакраты…»

Напісаўшы «Ніжныя Байдуны», Янка Брыль даў пачытаць аповесць маладзейшаму свайму сябру Уладзіміру Караткевічу. Рукапіс ён не вяртаў доўга, і Брыль пачаў ужо непакоіцца і нават злавацца. І вось нарэшце Караткевіч прыходзіць.

— Стары, чатыры разы запар чытаў… — пачаў гаварыць вінавата, не сеўшы.

— Ну, і як?

Караткевіч хваліць і дадае:

— І маме прачытаў.

— Ну, і як? — зноў пытаецца Брыль.

— Іржала, стары, і качалася па падлозе.

У разуменні Івана Антонавіча неяк не вяжуцца разам па-старэчы прыгожая і інтэлігентная маці Караткевіча Надзея Васільеўна, профілем дужа падобная да Ганны Ахматавай, і такое вось — «іржала», «качалася». Стрымліваючы ўсмешку, Брыль перапытвае:

— А грубасць яе не шакіравала?

— Што ты, стары! Мы, арыстакраты, гэта любім!

1

 

Як Брыль пасмеўваўся з Адамовіча

У Алеся Адамовіча была не дужа добрая памяць на імёны. Янка Брыль па-сяброўску пасмейваўся, прыгадваючы, як яны збіралі матэрыял для кнігі «Я — з вогненнай вёскі…»: «Завітваем у нейкую хату, Адамовіч пытаецца:

— Вас як завуць?

— Ганна Міхайлаўна.

— Дык мы, Вольга Максімаўна, хацелі ў вас спытаць…»

3

 

Як Быкаў Карпюка разыгрываў

Паэтка Данута Бічэль сведчыла, што Аляксей Карпюк заўсёды выступаў з трыбуны сур’ёзна і надта ўжо любіў адказваць на пытанні. Быкаў, з якім Карпюк сябраваў, часта перадаваў яму якое-небудзь напісанае на паперцы жартоўнае пытанне, да прыкладу, на нейкім афіцыйным сходзе: «Хто вам, Аляксей Нічыпаравіч, больш падабаецца: бландзінкі ці брунеткі?» Звычайна Карпюк адразу пачынаў адказваць і толькі потым здагадваўся, хто ж насамрэч аўтар каверзнага пытання.

26142756_916958288471577_1283946481_o

 

Як Арлоў манету ВКЛ з’еў

Ураджэнец Полацка пісьменнік Уладзімір Арлоў у дзяцінстве збіраў нумізматычную калекцыю, найперш — пры дапамозе Дзвіны, што перадавала «прывітанні» будучаму пісьменніку практычна пасля кожнай паводкі. Галоўнай каштоўнасцю маленькага Арлова была манета Вялікага Княства Літоўскага з выявай вялікага князя Жыгімонта Аўгуста і гербам «Пагоня». Але аднойчы ён не знайшоў свайго старажытнага скарбу. І толькі потым, пасля мора пралітых слёз, даведаўся, што некалькі дзён таму тую манету з’еў.

А трэба сказаць, што ў дзяцінстве Арлоў, лазячы па чужых садах і закінутых тады полацкіх храмах, безліч разоў ламаў рукі. І ягоны бацька, паводле парады доктара, вырашыў для ўмацавання касцей штучна павялічыць у арганізме сына колькасць медзі, дзеля чаго і стачыў напільнікам манету ВКЛ на парашок, які даваў Валодзю прымаць цягам тыдня з гарбатай.

З таго часу Уладзімір Арлоў больш ніколі нічога не ламаў — ці то старажытная медзь дапамагла, ці то Жыгімонт Аўгуст разам з «Пагоняй». А мусіць, і першае, і другое адначасова.

4

 

За парабка

З запісаў Рыгора Барадуліна:

«У Петруся Броўкі быў брат, які таксама жыў у Мінску. Іншы раз, калі куды выязджаў Броўка з сям’ёй, прасіў брата прыглядзець за лецішчам. Пакарміць ката й маленькага сабачку. (І прымаўка казала: маленькі сабачка да веку шчанючком.) Паехаў брат у Пуцілкавічы да Броўкавай пляменніцы дый скардзіцца ёй на сваю долю:

— Яны мяне за парабка маюць. Я ж у іх скаціну гляджу…»

2

 

Самакрытыка

Адам Мальдзіс прыгадваў, што будучая жонка Уладзіміра Караткевіча не спадабалася некаторым маладзейшым «максімалістам»:

— Раз дрэнна гаворыш па-беларуску, то ты яму не пара, — заявілі яны прама ёй у вочы.

Пачаліся жаночыя слёзы. Але да гонару Валянціны Браніславаўны, неўзабаве яна стала гаварыць па-беларуску лепш, чым тыя, хто яе папракаў. Больш за тое, аказалася, што яна куды больш апантана аддадзена беларускай культуры, чым іншыя аматары гучных слоў.

— Шматпакутніца яна, — сказаў Караткевіч на саракагоддзі Валянціны Браніславаўны. — Бо нялёгка быць жонкай пісьменніка. А такога чорнага аспіда, як я, — удвая.

— Ведала, Валодзечка, аспід мой чорны, на што іду, — парыравала Валянціна Браніславаўна, якая, паводле сведчання сучаснікаў, была разумнай жанчынай.

 

 

Як Валянціна Браніславаўна бараніла беларускі гонар у Варшаве

Неяк Валянціна Караткевіч, будучы ў Варшаве ў навуковай камандзіроўцы, апынулася ў адной арыстакратычнай кампаніі, дзе пачалі гаварыць пра «ўсходнія крэсы»: маўляў, цёмны і забіты край, які нават не мае ўласнай гісторыі. Валянціна Браніславаўна нібыта пагадзілася:

— Ну так, проша паньства. За маленькім толькі выключэннем.

— Цікава, за якім жа?

— За тым, што мы далі Польшчы чатырох выдатных людзей.

— Напэўна, найперш скажаце — Фелікс Дзяржынскі…

— Дзякуй, што прыгадалі пятага.

— А тыя чацвёра?

— Так, «дробязь»: Касцюшка, Міцкевіч, Манюшка і Пілсудскі.

Пасля гэтага ў прысутнасці Валянціны Браніславаўны гаворак пра «крэсы» больш не заводзілі.

— Вось так трэба бараніць наш гонар, панове гора-патрыёты! — звычайна заканчваў Караткевіч свой аповед пра знаходжанне жонкі ў Варшаве.

 

 

Пра «язык» і родную мову

Міхась Чарняўскі прыгадваў. Сярэдзіна 1960-х. У Акадэміі навук адбываецца нейкая навуковая, а хутчэй, палітычная дыскусія. З трыбуны высокапастаўлены кіраўнік мовазнаўства, які з цяжкасцю гаварыў па-беларуску, з гонарам заяўляе:

— А у меня два родных языка — русский и белорусский.

З залы звонкая рэпліка Караткевіча:

— Гэта ў змяі «два языка». У чалавека ж «язык» адзін — яго родная мова.

 

 

Прыўкрасна

Някляеў спытаўся аднойчы ў Караткевіча, адкуль у яго звычка да слова «прыўкрасна» — відавочнай калькі з рускай.

— А што, хіба кепска? — шчыра здзівіўся Уладзімір Сямёнавіч. — Па-мойму, прыўкрасна!

http://www.fashioncarpet.com.ua

452.designprof.com.ua

https://velotime.com.ua