Пра курсы
ГАРАДЫ :


19.04.2018
Выпуск 129. Жанчыны ў гісторыі Беларусі

Глядзець тут: 

францішка-уршуля-радзівіл-595x595

 

Жанчын, якія патрапілі ў нашую гісторыю, у разы меней, чым мужчын. У чым прычына? Каго і за што празвалі беларускай Жаннай д’Арк? Чаму каралева Барбара Радзівіл стала сімвалам Нясвіжскага замка, хоць ніколі там не жыла? Якім чынам Іван Жахлівы быў звязаны з Беларуссю?

На гэтыя і іншыя пытанні адкажа вядоўцам Алесі Літвіноўскай і Глебу Лабадзенку пісьменнік, дзяржаўны дзеяч, былы міністр культуры і друку Беларусі Анатоль Бутэвіч.

Рагнеда Рагвалодаўна (Гарыслава) – полацкая княжна, дачка першага летапіснага полацкага князя Рагвалода, адна з жонак вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаславіча.

Еўфрасіння Полацкая – дачка малодшага сына князя Усяслава Брачыславіча Святаслава-Георгія і, імаверна, Сафіі, дачкі Уладзіміра Манамаха. Пасля дасягнення паўналецця (12 гадоў), адмовілася ад дынастычнага шлюбу і пайшла ў манастыр. Пасля пасялілася ў келлі Полацкага Сафійскага сабора, дзе ў скрыпторыі перапісвала, а магчыма, і перакладала кнігі, вяла актыўную асветніцкую дзейнасць. Пабудавала на свае сродкі дзве царквы ў Полацку, заснавала пад Полацкам жаночы і мужчынскі манастыры.

Юліяна Гальшанская – княжна з роду Гальшанскіх. Памерла ва ўзросце 16 год, пахавана ў Кіева-Пячэрскай лаўры. У Праваслаўнай царкве прылічана да святых.

Францішка Уршуля Радзівіл – першая ў Вялікім Княстве Літоўскім жанчына-драматург, стваральніца самабытнага тэатру ў нясвіжскай рэзідэнцыі Радзівілаў.

Магдалена Радзівіл – мецэнатка, якая фінансавала выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», Беларускае выдавецкае таварыства, газету «Беларус», таварыствы цвярозасці, шпіталі, сельскія крамы і інш.

Каралева Барбара Радзівіл. Яна ніколі не жыла ў Нясвіжы, тым не менш менавіта яна стала ледзь не галоўным сімвалам Нясвіжскага замка…

Каралева Соф’я Гальшанская. Зімовым днём 24 лютага 1422 года ў былым першым вялікалітоўскім стальцы Новагародку адбывалася пышная ўрачыстасць, на якую з’ехаліся высокія госці з самога Кракава і Вільні. Выхаванец гэтай зямлі і нядаўні гаспадар Крэўскага замка, а цяпер 70-гадовы кароль польскі і найвышэйшы князь літоўскі Уладзіслаў Ягайла чацвёрты раз шлюбаваўся з маладзенькай 17-гадовай князёўнай з роду Гальшанскіх Соф’яй…

Настасся Слуцкая – беларуская Жанна д’Арк. Калі муж памёр, Настасся не адклала ў сховы вайсковыя даспехі і баявое майстэрства. Тым больш, што і небяспека для Слуцкага княства не мінулася. Княгіня па-ранейшаму адважна змагалася з захопнікамі. Ніхто і ніколі не мог яе перамагчы. І пасля кожнага набегу Настасся зноў і зноў аднаўляла разбуранае, адраджала сваю зямлю.

Каралева Альдона Гедымінаўна. Альдона – адна з шасці дачок ад трох шлюбаў вялікага князя літоўскага Гедыміна, які ўзышоў на гаспадарскі пасад у 1316 годзе…

Святая зямлі беларускай Сафія Слуцкая. Сама яна – унучка Настассі Слуцкай, той самай гераіні, якую сучаснікі за настойлівасць і мужнасць у абароне сваёй зямлі ад няпрошаных захопнікаў называлі Жаннай д’Арк. Яе прадзедам у шостым калене быў вялікі князь літоўскі Вітаўт, а ягоная дачка Соф’я Вітаўтаўна – прабабуляй Сафіі ў пятым калене…

Алена Глінская – дачка князя Васіля Львовіча Глінскага, старасты берасцейскага, падстолія ВКЛ, і Ганны, народжанай у Сербіі, а таксама маці Івана Жахлівага. Дзядзька Алены – вядомы князь-пераможца над татарамі пад Клецкам ў 1506 годзе маршалак дворны літоўскі Міхаіл Глінскі.

Соф’я Вітаўтаўна – Вялікая княгіня Маскоўская. На яе долю выпалі татарскія здзекі над блізкімі людзьмі, нямала сіл і здароўя адабрала ўнутраная барацьба за ўладу, у выніку чаго яе адзіны сын Васіль, які з 1425 года стаў вялікім князем маскоўскім, быў аслеплены і атрымаў мянушку Цёмны.

Фота на застаўцы: Партрэт Рагнеды, намаляваны мастаком Паўлам Татарнікавым