Пра курсы
ГАРАДЫ :


13.05.2019
Выпуск 169. Велікодныя стравы

Паводле якога рэцэпта нашыя бабулі пяклі велікодныя булкі? Што звычайна рабілі гаспадыні, каб цеста добра «папрацавала»? У якія колеры часцей за ўсё фарбавалі яйкі? Чым адрозніваюцца паміж сабой кропанкі, шкрабанкі і маляванкі? Як гуляць у біткі, і што такое мацак? Пра гэта і шмат пра што іншае вядоўцы перадачы Алеся Літвіноўская і Глеб Лабадзенка пагутараць з фалькларысткай Аленай Ляшкевіч падчас гатавання велікодных страваў.

Малява́нкі – яйкі, што распісваліся рознымі колерамі і ўзорамі на густ гаспадароў, але звычайна не асвячаліся ў царкве.

Крашанкі / фарбаванкі – яйкі, пафарбаваныя ў адзін колер, без аніякіх малюнкаў.

Кра́панкі / ка́панкі / накрапянкі – рабіліся пры дапамозе воску, які накапваўся на яйка, каб атрымаліся прыгожыя пацёкі; потым гэтае яйка змяшчалася ў фарбавальнік (адвар з шалупіння цыбулі, напрыклад), дзе шкарлупінне афарбоўвалася ў адзін тон, пасля чаго васковы малюнак растопліваўся ў цёплай вадзе і ў выніку атрымлівалася яечка з плямкамі рознай канфігурацыі.

Дра́панкі / шкра́банкі / скробанкі – гравіраваныя яйкі, на афарбаваную паверхню якіх вострай іголкай наносіўся малюнак.

Васкоўкі / пісанкі – яйкі, распісаныя традыцыйнымі сімваламі (знакі сонца, зямлі, паветра, галінкі, кветкі), на іх наносіўся вострым інструментам гарачы воск, а затым яйкі змяшчаліся ў каляровы адвар.

Біткі́ – Велікодная гульня

Пасля снедання дзеці выбіраюць у садзе яйкі, выпрабоўваючы моц пастукваннем аб зубы. Затым б’юць адно аб другое. Той, у каго яйка мацнейшае, «маца́к», выйграе падбітыя яйкі.

Традыцыйна ў гэты дзень людзі вітаюцца адзін з адным, кажучы: Хрыстос уваскрэс! І адказваюць на тое: Сапраўды ўваскрэс!

Разгаўляцца – есці скаромнае пасля посту

Велікодныя стравы – рус. пасхальные блюда

Урачысты сняданак – рус. торжественный завтрак

Велікодная булка – рус. пасхальный кулич

Дрожджы – рус. дрожжи

Разынкі – рус. изюм

Глазура – рус. глазурь

Рондаль = каструля

Ухутаць – рус. закутать

Працаваць = брадзіць (пра цеста)

Шкарлупінне – рус. скорлупа

Фарбавальнік – рус. краситель

Шалупінне цыбулі – рус. луковая шелуха

Асвячаць у царкве – рус. освещать в церкви

Мацак – самае моцнае (рус. сильное) яйка

Сямейнікі – рус. члены семьи

Паганскае свята – рус. языческий праздник

Валачобнікі: пачынальнік, падхватнічкі, механоша

Велікодная нядзеля – рус. Пасхальное воскресенье