Пра курсы
ГАРАДЫ :


04.04.2015
Сэрца на далоні

Гаспадыня ўзрадавалася гасцям. А Маша, якая жыла цяпер у Зосі, спалохалася. Яна лепш, чым нават Шыковіч, ведала Яраша, і яе спалохаў яго выгляд. Увогуле, яна стала баяцца яго пасля нядаўняй размовы. Неяк ён паклікаў яе ў кабінет. Калі яна ўвайшла, ён сядзеў за сталом і чытаў Блока. Яна спынілася каля дзвярэй, здзіўленая тым, што ён не паглядзеў нават. Гэта не яго манера: ён кожнага з персаналу, ці то галоўны лекар, ці то санітарка, сустракаў заўсёды аднолькава — добрым позіркам, прыветлівым словам. Маша чакала, імкнучыся здагадацца, навошта паклікана. Ён сказаў, не адрываючыся ад кнігі: — Яны пабіліся за вас. — Хто? — Хоць яна адразу ж здагадалася хто, і ёй вельмі захацелася засмяяцца. «Няўжо праўда пабіліся? — падумала з вясёлай гарэзлівасцю. — Хто каго біў?» — Яны працуюць у адной брыгадзе. Сем’і нашы дружаць, разам жывуць. Навошта вам спатрэбілася сутыкнуць іх ілбамі? — Каб зрабіць правільны выбар, трэба эксперыментаваць, Антон Кузьміч, — адказала яна яго словамі і не вытрымала — засмяялася. Тады ён адарваўся ад кнігі і паглядзеў на яе. Дзіўна вельмі паглядзеў, быццам на яе месцы чарадзейна апынуўся зусім другі чалавек — не тая сястра, якую ён ведаў два гады, любіў, цаніў, паважаў. З якой нават пасябраваў пэўным чынам, калі з’явілася Зося. — Дзіўны эксперымент, — хмыкнуў ён, хіснуўшы галавой. — Можна вас папрасіць, каб вы з нашымі сынамі такіх эксперыментаў не рабілі? Ад гэтай яго просьбы, падкрэслена-ветлівай, афіцыйна-халоднай, яна страшэнна збянтэжылася. Як яна недарэчна трымала сябе — засмяялася, сказала несусветную лухту! Праваліцца б лепш скрозь падлогу. Добра, што ён зноў углыбіўся ў кнігу і не глядзеў на яе. Але яна не ведала, як выйсці, і ўсё стаяла перад сталом, анямелая, пакараная найгоршым чынам. Відаць, ён зразумеў, што з ёю робіцца, бо сказаў: — Папрасіце, калі ласка, Дабравольскую зайсці да мяне. Маша ветрам вылецела з кабінета. …Таму яна і спалохалася, убачыўшы абодвух бацькоў. А што, калі яны збіраюцца пагутарыць з ёй? Супакоіў Шыковіч. Выйшаў за ёй на кухню, спытаў прыветліва, па-сяброўску: — Маша, вы ўмееце варыць каву? Чорную? — Умею. — Вы ўсё ўмееце. З вас будзе цудоўная жонка. Ён даў ёй грошы на каву і каньяк. Яна ўзрадавалася даручэнню. Зося захвалявалася была, хацела адзявацца, каб прымаць гасцей, як належыць гаспадыні. Але Яраш пачаў распытваць яе пра адчуванне, прафесійна, падрабязна, па-бальнічнаму. І яна зноў залезла на шырокую канапу з нагамі. Сядзела ў куточку, захутаўшыся ў халацік, як малая японачка. Маша навучыла яе адмыслова закручваць валасы, і высокая кукла прыгожых валасоў сапраўды рабіла яе падобнай на ўсходнюю жанчыну. Яраш скончыў распытваць пра здароўе і змоўк. У той дзень яму цяжка было весці размову для размовы, гаварыць пра ўсё. Шыковіч паліў на кухні, пускаючы дым у фортку, слухаў іх, зразумеў зацяглую паўзу. Зося сказала нешта пра дождж. Яраш крыху іншымі словамі сказаў тое ж. — У вас стомлены выгляд, Антон Кузьміч. — Я сёння прыляцеў з раёна. — Камандзіроўка? — Але. Шыковіч кінуўся на дапамогу сябру. — Соф’я Сцяпанаўна, не сумна вам адной у гэтым доме? — спытаў ён з жартаўлівай весялосцю, сядаючы ў зручнае нізкае крэсла. — О не. Я чытаю. У мяне добрыя суседзі. Яны наведваюцца. А потым прыходзіць з работы Маша… Вось так пагаварылі яшчэ пра тое-сёе. Нарэшце Кірыла падступіў да галоўнага, асцярожна, далікатна: — Соф’я Сцяпанаўна, скажыце, калі ласка, вас не вельмі расхвалюе размова пра мінулае? Яна ўздрыгнула, насцярожылася: — Пра якое мінулае? — Ну, напрыклад, пра вайну. Пра смерць бацькі… — А што вас цікавіць? — Што мяне цікавіць?.. — Ён палез ва ўнутраную кішэню пінжака і дастаў складзеныя лісты паперы. — Прачытайце вось гэта, і вы зразумееце. Яраш зірнуў на сябра з дакорам, але змаўчаў. Зося разгарнула сашчэпленыя лісты, прачытала загаловак, устрапянулася, паглядзела на Шыковіча са здзіўленнем, страхам і надзеяй. Позірк яе пытаў: «Што ты падрыхтаваў мне? Гора? Хіба ў мяне яго было мала? Радасць? Няўжо радасць?..» Пачала чытаць прагна, нецярпліва, маланкава хутка. Лісткі трапяталіся ў руках, як жывыя птушкі. Пабляднелі, а потым загарэліся шчокі. Яны абодва не зводзілі з яе вачэй. Але вось яна, перагортваючы старонку, з палёгкай уздыхнула. Прыціхлі лісты, перасталі трапятаць. Павольней пачала чытаць яна. Пад канец, было відаць, зусім супакоілася і здавалася нават крыху расчараванай. Задумалася глыбока. Яны доўга, ніводным рухам не парушаючы цішыні, цярпліва чакалі, калі яна вернецца з успамінаў. Шпарка-шпарка, нібы надзвычай спяшаўся — цік-цік-цік, — адганяў у нябыт секунды прыгожы гадзіннік на кніжнай паліцы. За акном у лісцях таполі шумеў дождж. Нарэшце Шыковіч не вытрываў: — Пра што вы думаеце? Яна не ўздрыгнула, не схамянулася, — паглядзела сухімі, але напоўненымі святлом удзячнасці вачамі, спакойна адказала: — Я думаю, як хораша, што ёсць на свеце такія людзі, як Антон Кузьміч, як вы… Дзякую вам. — Падзякі пасля. Ды і не мне павінны быць адрасаваны. Антону — справа іншая. А за тое, што ў нашы дні ўсюды аднаўляецца справядлівасць, вы ведаеце, каму дзякаваць. Цяпер вы разумееце, што мяне цікавіць. Як загінуў доктар Савіч? Хто яго забіў? Вы былі пры гэтым? Зося паківала галавой: не, не была. Потым сказала: — Я думаю, тата застрэліўся… — Сам?

Старонак: 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74

http://www.farm-pump-ua.com/

imagmagnetsns.ua