Пра курсы
ГАРАДЫ :


04.04.2015
Сэрца на далоні

7

Гукану далажыў пра выпадак з Шыковічам-малодшым начальнік міліцыі. Старшыня выканкома выслухаў спакойна, як быццам нават без цікавасці. Цяжка ўздыхнуў пад канец: што толькі ні валіцца на яго палыселую галаву, усім трэба займацца. Спытаў філасофскі разважліва: — Скажы мне, Сізоненка, хто вінаваты, што растуць вось такія?.. Падпалкоўнік чвэрць стагоддзя праслужыў у міліцыі і навучыўся з незвычайнай праніклівасцю адгадваць, які адказ патрэбны начальству ў той ці іншы момант. Толькі з Гуканам у яго гэта не выходзіла. Гукана немагчыма было раскусіць. Пры суровасці на твары ён нечакана выяўляўся добрым і ласкавым, калі пачынаў нешта вырашаць. І наадварот, пры знешняй весялосці і ветлівасці аказваўся дужа круты. Сізоненка ўспомніў, што сустрэў яго старшыня жартам. Але ад міліцэйскіх спраў твар яго ўсё больш і больш выцягваўся, некуды ў падброўе схаваліся зеленаватыя вочы. Спытаў ён, не ўзнімаючы галавы ад папер. Таму Сізоненка пачаў манеўраваць: — Усе патроху. — Хто? — Школа. Камсамол. Мы. — Хто «мы»? — Міліцыя, я маю на ўвазе. Не праводзім прафілактычных мер… Ліберальнічаем. — А бацькі? — Гукан узняў галаву. Сізоненка ўпотай назваў сябе дурнем: заняўся самакрытыкай, чурбан! А патрэбны зусім просты адказ. — Бацькі — гэта само сабой… У першую чаргу, безумоўна, бацькі. — Правільна. У першую чаргу, — згадзіўся Гукан. І больш ні слова пра гэта. Былі другія справы. Але калі начальнік міліцыі пайшоў, Сямён Парфёнавіч падняўся з-за стала, на сярэдзіне кабінета смачна пацягнуўся і бадзёра прысеў разы два, узмахваючы рукамі. Ён нярэдка рабіў такую размінку, але тэмп яе заўсёды залежаў ад настрою: чым вышэй настрой — тым хутчэй рухі. Потым падышоў да акна, палюбаваўся на свае каштаны. Цудоўныя каштаны! Толькі гэты аднарукі «прынцыпал» на злосць яму, Гукану, шморгае лісце. Цэлую галіну абарваў. Двойчы ўжо яны пасварыліся з-за каштана. Але гэтаму ўпартаму д’яблу лепш нічога не казаць. Вось жа даў бог намесніка. І за яго гарой Тарасаў. «Разумны ты чалавек, Сяргей Сяргеевіч, але не на тых людзей арыентуешся». Гукан падышоў да тэлефона і набраў нумар сакратара гаркома. — Адзін? — Яны ўжо бачыліся сёння. — Калі я бываю адзін. Асвета вось сядзіць. Думаем разам. Сядзім і думаем. А работа стаіць, — як заўсёды, з гумарам адказаў Тарасаў. — Ты чуў, што натварыў сын Шыковіча? Чорт ведае што! Міжнародны скандал. Тарасаву за дзве гадзіны працы ўжо трэці чалавек расказваў пра гэты выпадак. Скажы, калі ласка, якая падзея дня! І вось тут, у званку Гукана, ён адчуў некаторае нездаровае смакаванне факта. Зразумеў, каб гэта быў любы малады шалапут, наўрад ці надавалі б гэтаму столькі ўвагі. Але сын Шыковіча… Таму сакратар адказаў зноў-такі з гумарам: — Міжнародны, кажаш? Няўжо можа быць разрыў дыпламатычных адносін? Гукан асекся. Непрыязна падумаў: «На жартачкі збівае. Выгарадзіць хоча». — Ты не жартуй. Факт непрыемны. — А я што кажу, радасны? — Пагражаць атамнай бомбай гасцям! Што яны падумаюць пра нас? — Калі ворагі, дык яны даўно ўжо думаюць… А калі сябры, то адзін дурань… — Не. Па закону аб забароне прапаганды вайны трэба сукінага сына судзіць… — Вось як! — Тарасаў як бы здзівіўся. — Думаю, нікога яшчэ не судзілі па гэтаму закону. Не будзем і мы шукаць у сябе падпальшчыкаў вайны. Згодзен? Гукан сам зразумеў, што сказаў глупства. Але гэтая манера сакратара, гэты яго няўлоўны гумар — «Згодзен?» — не першы раз ужо выводзілі Сямёна Парфёнавіча з сябе. На дзесяць год малодшы, а размаўляе з ім, старым чалавекам, вопытным работнікам, як з малым. — Хопіць гэтаму «падпальшчыку» дзесяць сутак. Няхай падмяце дарожкі ў парку. А то яны засмечаны ў цябе. Брыдка хадзіць. «У мяне. Усё ў мяне. А ў цябе што?» — зноў раздражнёна падумаў Гукан і выказаў сваю думку больш катэгарычна: — Няма адказнасці ў бацькоў… — Вось гэта правільна! — адгукнуўся ў слухаўку Тарасаў. — Бацькі ў нас выхаваннем займаюцца мала. — Шыковіч прэтэндуе на ролю выхавацеля мас, а ўласнага сына распусціў. Мнагавата мае грошай. Машына. Дача… А вось гэта Тарасаву не падабалася. Безумоўна, бацька адказвае. Але калі з асобных фактаў пачыналі выводзіць тэорыю, што, маўляў, усе пачварныя з’явы толькі ў асяроддзі дзяцей забяспечаных бацькоў, што ва ўсім вінаваты дабрабыт, — гэта абурала Сяргея Сяргеевіча. Выходзіць, толькі ў беднасці і жабрацтве можна правільна выхоўваць. Глупства! — Шыковіч палучае ў рэдакцыі столькі ж, колькі ўсе. Па штатнаму распісанню, — холадна адказаў сакратар. Гукан змаўчаў. Успомніў, як аднойчы ў прыватнай гутарцы Тарасаў сказаў усё з той жа сваёй хітрынкай: «Ты ж не адмаўляешся ад ганарару за сваю кнігу, хоць пісаў яе не ты?» Цяпер Сямён Парфёнавіч падумаў: «Ясна. Стаіць за Шыковіча. Як я не ведаў дагэтуль, што яны так спаяны». Паспрабаваў змякчыць, каб Тарасаў не падумаў, што ён хоча ўтапіць свайго сааўтара: — Хоць, безумоўна, за такімі шалапутамі хіба ўсочыш. Добра, што мае ў вайну выраслі. У эвакуацыі. Уведалі і цану хлебу і цану капейкі. Тарасаў весела крыкнуў у слухаўку: — Нешта ты, Сямён Парфёнавіч, хістаешся сёння. То валіш усё на бацькоў, то зусім здымаеш з іх віну. Не, бацькоў мы паслухаем. Я ўжо сказаў: сабраць па гораду ўсе падобныя факты паводзін дзяцей камуністаў. І ўсіх бацькоў на адно з чарговых бюро гаркома. У мяне — людзі. Вось і зразумей яго, гэтага Тарасава!

Старонак: 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74

http://www.profvest.com