Жыў у хаце шэры кот,
Празываўся ён Вуркот.
Жыў каток ды не тужыў,
Анічога не рабіў.
Гаспадыня шкадавала,
Каўбасою частавала,
А Вуркот з клубком гуляў,
Гаспадыню забаўляў.
Ды аднойчы нейкі злодзей
У кладоўку стаў прыходзіць.
То паўбохана згрызе,
То муку парастрасе…
- Мусіць, завялася мыш!
Ты, Вуркот, усё ляжыш?
Чым шкрабці паміж вушэй,
Лепш ідзі лаві мышэй!-
Гаспадыня кажа строга.
Аж заяўкаў кот-нябога:
- Мяў-мяў! Што рабіць?
Я ж не ўмею іх лавіць!
Коцік енчыць, коцік плача!
Гаспадыня гэта бачыць,
Ды сама мяркуе так:
Мусіць, кот Вуркот – лайдак!
- А, лайдачыш, абібок?
Вымятайся за парог!
Нос павесіў шэры кот,
Пералез ля брамы плот
І, саскочыўшы на дол,
У лясны гушчар пайшоў.
Лапкі ледзвечкі ідуць,
Слёзкі па вусах бягуць.
Па дарозе зайчык скача:
- Гэй, каток, чаго ты плачаш?
- Напаткала мяне гора:
Гаспадыня з хаты гоніць!
Я без мамы гадаваўся,
Паляваць не навучаўся.
Трэба рады даць мышам,
Але ж я не ўмею сам!
Дык празвалі дармаедам
Ды пазбавілі абеда!
Зайчык шкрабянуў за вухам.
- Памагу табе. Паслухай:
Тут жыве ліса-махлярка,
Свойскіх птушак валадарка.
Дык яна мышкуе спраўна!
- Вой, як добра! Вой, як слаўна!
Дзякуй, зайка-шарачок!-
І пабег у лес каток.
Просьбу лісанька пачула –
Толькі вусы аблізнула:
- За навуку трэба плата!
Ты жа, коцю, небагаты.
Зробім так: што напалюеш,
Тым мяне і пачастуеш.
Зараз пойдзем мы на поле.
Процьма там мышэй на волі.
Ты заляжаш за купінай,
Моцна напружыніш спіну,
А як мышку ты пачуеш –
Вылятаеш ды палюеш.
Кіпці ў мышку запускай
Ды глядзі, не адпускай!
Кот смяецца:
- Вось навука!
Зразумець яе не штука!
Я гатовы паляваць! –
І пабег мышэй шукаць.
Хітрая ліса-махлярка
За кусты забегла шпарка.
Кот схаваўся за купінай,
Моцна напружыніў спіну,
Ціха-ціха затаіўся,
З шэраю зямлёю зліўся.
Чуе: мышка запішчэла
Ды трава зашабуршэла.
Паляўнічы наш каток
З-за купіны раптам скок!
Лапамі па мышцы хлоп,
Мышку кіпцюрамі цоп!
Мышаня загаласіла,
Запішчэла, запрасіла:
- Вой, пусціце мяне, дзядзечка каток!
Я ж вам ну хіба што на адзін зубок!
А як будзеце патрэбу мець у чым,
Абяцаюся я вам дапамагчы.
Вам няварта нават пэцкаці вусы!
Адпусціце. У маці я – адзіны сын!
І расчуліўся каток.
Пашкроб лапай жываток.
Кіпці-драпы распусціў,
Мышанятку адпусціў.
З-за кустоў ліса бяжыць.
- Дзе здабыча? Пакажы!
- Мышанятку я злавіў
Ды дахаты адпусціў!
Раззлавалася ліса:
- Адпусціў яго ты сам?
Гэта ж трэба дурнем быць,
Каб злавіць ды адпусціць!
Лепей не кажы нікому!-
І ліса пайшла дадому.
Цяжка ўздыхнуў Вуркот.
- Пэўна, я няўдалы кот!
Вось патрапіў у бяду…
Не. Напэўна, прападу.
Раптам чуе галасок:
- Стойце, дзядзечка каток!
Мышка выбегла з травы:
- Дзядзечка, што сумны вы?
Распавёў каток пухнаты,
Як яго пагналі з хаты.
- Ні на што я, Вуркот, не здатны!
- Што вы, дзядзечка, вы выдатны!
Мы агораем тое ліха.
Вы дахаты ступайце ціха.
Прабярэцеся ў сенцы лоўка
І шмыгнеце тады ў кладоўку.
Як пакажацца мыш – лавіце,
Гаспадыні сваёй цягніце.
Кіньце мышку прад яе вочы.
На канапу яна ўскочыць,
Завішчыць:
- Забяры брыдоту!
Вы ж не будзьце тады лянотам,
А цягніце мышку на сметнік.
І як толькі зробіце гэтак,
Гаспадыня бадай ніколі
Папракаць вас не будзе болей.
Ну, а мы за вашую ласку
Хатняй мышцы дамо падказку,
Мышанятам, і тым накажам
Абыходзіць кладоўку вашу!
Дзякаваў ёй кот Вуркот,
Хутка бег у свой гарод,
У кладоўцы пачакаў,
Мышанятка ўпаляваў,
Гаспадыні прыцягнуў,
Кінуў, пысу аблізнуў.
Як ускочыць гаспадыня:
- Кінь яе на сметнік, кінь!
Прэч цягні яе, брыдоту!
І пад вечар у ахвоту
Кушаў кот Вуркот каўбаску,
Мышкам дзякаваў за ласку.
І па сёння мышаняты
Абыходзяць тую хату,
Бо на печы кот Вуркот
Грэе тоўсты свой жывот.
Алена Церашкова